Кніжная выстава "Максім Танк - паэт магутнага паэтычнага таленту"

17 верасня 2022 года спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, выдатнага грамадскага дзеяча, класіка айчыннай літаратуры, лаўрэата дзяржаўных і літаратурных прэмій СССР і Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Максіма Танка. Максім Танк - адно з самых яскравых імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-бунтар, патрыёт, сатырык, філосаф, наватар, а па жыцці незвычайна сціплы, просты і адкрыты для зносін чалавек. Нарадзіўся Максім Танк 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна ў простай сялянскай сям'і. Яго сапраўднае імя і прозвішча - Скурко Яўген Іванавіч. У час Першай сусветнай вайны сям'я Скурко вымушана была адправіцца ў Маскву. На радзіму яны вярнуліся ў 1922 годзе. Вучыўся Максім у Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях, у 1927 годзе ўступіў у камсамол і пачаў актыўна ўдзельнічаць у падпольным руху. Працаваў інструктарам ЦК камсамола Заходняй Беларусі. За прапаганду рэвалюцыйных ідэй у творах яго неаднаразова арыштоўвалі польскія ўлады і прыгаворвалі да турэмнага зняволення. Сядзеў у віленскай турме, дзе арганізаваў падпольнае выданне рукапіснага часопіса "Краты". У турме Максім Танк вёў дзённікі, фрагменты якіх склалі кнігу "Лісткі календара". У 1936 годзе ён уступае ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Актыўна працуе ў падпольным камуністычным друку. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР Максім Танк з'яўляўся карэспандэнтам "Вілейскай праўды" і "Сялянскай газеты". У гады Вялікай Айчыннай вайны ён працягваў працаваць у франтавым друку: быў супрацоўнікам газеты "За Савецкую Беларусь" і газеты-плаката "Раздавім фашысцкую часу". Вера ў перамогу, паэтызацыя подзвігу савецкага воіна, абвінавачанне фашызму - асноўныя матывы лірыкі паэта ваенных гадоў. У пасляваенны час Максім Танк працаваў у часопісе "Вожык", быў галоўным рэдактарам часопіса "Полымя". Яркім дэбютам у вялікай паэзіі стаў яго першы зборнік "На этапах", які ўвёў імя новага самабытнага паэта Максіма Танка ў еўрапейскую літаратуру. Пазней былі напісаны паэмы "Нарач", "Журавінавы колер", "Каліноўскі", выдадзены паэтычныя зборнікі "Вастрыце зброю", "Праз вогненны небасхіл". Гонар народа-пераможцы, радасць стваральнай працы, смутак аб цяжкіх стратах вызначылі танальнасць кнігі "Каб ведалі", за якую Максім Танк быў удастоены дзяржпрэміі СССР.   Зборнікі "На камні, жалезе і золаце", "У дарозе" прысвечаны пасляваеннай дзейнасці. Найбольш яскрава і поўна сіла таленту паэта праявілася ў зборніках "След бліскавіцы", "Мой хлеб надзённы" (удастоены дзяржпрэміі БССР), "Глыток вады". У пасляваеннае дзесяцігоддзе паэт асэнсоўваў героіку мінулага, услаўляў свет як вышэйшую каштоўнасць, сцвярджаў мудрасць народнай маралі, апяваў бацькоўскі край. Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць Максіма Танка, - радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, жывапісная прырода, мілагучная родная мова. Вялікай папулярнасцю ў чытачоў карысталіся яго вершы "Паслухайце, вясна ідзе...", "Тры песні", "Спатканне" і іншыя. Адмысловае месца ў творчасці Максіма Танка займае нарачанскі азёрны край, дзе нарадзіўся паэт. Ён пісаў: "Я часта начую і дню каля соснаў сваіх нарачанскіх, дзе ўсе беды мае, дзе ўсе радасці мае, дзе ўсе думкі мае".   Максім Танк шырока вядомы не толькі як паэт для дарослых. Дзіцячаму чытачу знаёмы яго казкі "Галінка і верабей", "Конь і леў", "Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні", "Мухамор", "Сказка пра Мядзведзя". Займаўся паэт і перакладчыцкай дзейнасцю. Дзякуючы яму на беларускай мове ўбачылі свет асобныя творы Аляксандра Пушкіна, Уладзіміра Маякоўскага, Юліюша Славацкага. Творы Танка перакладзены на многія мовы. Максім Танк быў актыўным грамадскім дзеячам: ён быў сакратаром Саюза пісьменнікаў СССР, старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, членам Савецкага камітэта абароны міру, старшынёй Беларускага аддзялення Таварыства савецка-польскага сяброўства, старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі шостага і сёмага скліканняў, ганаровым грамадзянінам г.   У складзе розных дэлегацый Максім Танк змог пабываць у многіх кутках Еўропы, Азіі, Амерыкі. Уражанні ад паездкі на XV сесію Генасамблеі ААН адлюстраваны ў яго публіцыстычнай прозе - "Недыпламатычныя нататкі". "Падарожнічаючы па розных краінах, я глыбока пераканаўся, што на зямлі акрамя дрэў, траў і кветак, усюды растуць і вершы. Я іх знаходзіў на ўсіх сваіх дарогах, на ўсіх кантынентах. Але самыя лепшыя я знаходзіў на роднай зямлі", - успамінаў пісьменнік. . Памёр Максім Танк у Менску 7 жніўня 1995 года. Пахаваны ў роднай вёсцы, побач з бацькамі. Да апошніх дзён свайго доўгага і нялёгкага жыцця паэт заставаўся верны выбранаму ім у далёкіх 30-х гадах мінуўшчыны стагоддзі творчаму крэда - пісаць ярка, эмацыйна, па-філасофску глыбока і з тонкім лірычным настроем. Імя Максіма Танка стаіць у адным шэрагу з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам. Якуб Колас з любоўю называў паэта каржакаватым дубам, што глыбока пусціў карані ў родную зямлю.   Грамадскія і літаратурныя заслугі Максіма Танка высока ацэнены. Ён - Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер чатырох ордэнаў Леніна, уладальнік ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, медалі Францыска Скарыны і іншых узнагарод, а таксама лаўрэат Дзяржаўных прэміі, Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Літаратурнай прэміі імя Аляксандра Фадзеева. Але самым дарагім для Максіма Танка было званне народнага паэта Беларусі, атрыманае ім у 1968 годзе. У 1995 годзе, у год смерці паэта, указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Мядзельскай раённай бібліятэцы было прысвоена імя Максіма Танка. Імем Максіма Танка названа адна з вуліц беларускай сталіцы. На доме №15 на вул.Кульман у Мінску, дзе жыў паэт, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Да 110-годдзя Максіма Танка ў бібліятэцы ліцэя аформлена кніжная выстаўка “Максім Танк – паэт магутага паэтычнага таленту”.