Стан душы — настаўнік
Як пісьменнік мае працяг у творах, пясняр — у песнях, так і педагог — у сваіх вучнях.
Такой думкі прытрымліваецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Марына Верам’ёва. На гэтых прынцыпах будуе і сваю педагагічную дзейнасць. Між тым з педагогікай яе жыццё трывала звязана ўжо некалькі дзесяцігоддзяў.
— Настаўніцкі шлях у свой час выбрала для себе цалкам свядома. Памятаеце радкі Пысіна “Дала мне маці гэту мову, як спадчыну і запавет…”? Вось гэта дакладна пра мяне. Мая маці Тамара Паўлаўна Каралько — настаўніца беларускай мовы, якая адпрацавала ў школе амаль 40 гадоў. З дзяцінства я бачыла прафесію педагога знутры: стосы сшыткаў, кніг і дапаможнікаў, штодзённыя планы. Аднак гэта не палохала, а наадварот, цікавіла і прываблівала. Таму і выбар прафесіі быў відавочны — філалагічны факультэт, беларуская мова. Іншых варыянтаў нават не разглядала, бо роднае слова заўсёды было для мяне шчырым, мілагучным, матчыным, — паведаміла Марына Паўлаўна.
Гады студэнцтва ў МДУ імя А.А.Куляшова праляцелі хутка, і маладым педагогам Марына Верам’ёва ў канцы 90-х прыйшла працаваць у другі абласны ліцэй. Гэтую навучальную ўстанову настаўніца і зараз успамінае з цеплынёй.
— Я трапіла ў прафесійны, згуртаваны калектыў, дзе кожны педагог быў майстрам сваёй справы. Для мяне, учарашняй студэнткі, без практыкі і вопыту, гэта стала вялікай матывацыяй. Але самым галоўным рухавіком у станаўленні мяне як настаўніка быў родны чалавек, які працаваў у суседнім кабінеце, — маці. Яе словы і парады заўсёды былі трапнымі і дарэчнымі, а падтрымка не ведала меж. Ліцэй № 2 стаў для мяне другім домам, а мае вучні і настаўнікі — сапраўднай вялікай сям’ёй. Аднак жыццё ідзе наперад. І вось ужо 5 гадоў мой лёс звязаны з лепшай установай адукацыі Магілёўшчыны — абласным ліцэем № 3. Тэрмін невялікі, але, дзякуючы дапамозе адміністрацыі ўстановы і калег, амаль адразу я стала адчуваць сябе тут на сваім месцы. У ліцэі створаны цудоўныя ўмовы для работы і развіцця. Уважлівае кіраўніцтва, творчыя педагогі, таленавітыя навучэнцы… Тут усё матывуе на прафесійны рост, — расказала Марына Паўлаўна.
За некалькі дзесяцігоддзяў выкладання ў Марыны Верам’ёвай склаліся свае падыходы да навучання. Яна пераканана: вучань не пасудзіна, якую неабходна напоўніць, а факел, які трэба запаліць. А асноўная задача настаўніка — зацікавіць дзяцей, навучыць іх думаць, разважаць, аналізаваць і рабіць дакладныя вывады.
На сваіх уроках Марына Паўлаўна імкнецца выпрацоўваць у навучэнцаў арфаграфічную і пунктуацыйную пільнасць, узбагачаць іх лексіку, стымуляваць чытацкую актыўнасць. Яна шырока выкарыстоўвае як традыцыйныя, так і сучасныя педагагічныя тэхналогіі — асобасна арыентаванае навучанне, тэхналогію даследчай дзейнасці, праблемнае навучанне, гульнявыя тэхналогіі, іншыя метады і прыёмы. Усё гэта дазваляе ствараць на занятках умовы для праяўлення пазнавальных, камунікатыўных і творчых здольнасцей вучняў.
— На кожным этапе ўрока прымяняю прыёмы для фарміравання ў вучняў арфаграфічных навыкаў, агульнай арфаграфічнай пісьменнасці. Але пры гэтым лічу, што задача настаўніка роднай мовы і літаратуры не зводзіцца толькі да таго, каб вучні авалодвалі лінгвістычнымі паняццямі, граматычнымі і лексічнымі нормамі, асаблівасцямі вымаўлення і правапісу. Важна таксама выпрацоўваць практычныя маўленчыя ўменні: здольнасць чытаць і разумець тэксты, атрымліваць веды з друкаваных і іншых крыніц, самастойна ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні на розныя тэмы. Іншымі словамі — размаўляць па-беларуску, успрымаць інфармацыю на слых, выказваць уласныя думкі. Сучасныя навучэнцы не чуюць беларускай мовы ў сваім асяроддзі, і з кожным годам гаварыць на ёй ім усё складаней. Таму шмат увагі ўдзяляю лексічнаму складу мовы: выкарыстоўваю пераклады мастацкіх тэкстаў, лексічныя хвілінкі, зварот да тлумачальных і руска-беларускага слоўнікаў, напісанне водгукаў, эсэ і сачыненняў, складанне тэматычных вусных выказванняў, — расказала Марына Верам’ёва.
Вучань не пасудзіна, якую неабходна напоўніць, а факел, які трэба запаліць. А асноўная задача настаўніка — зацікавіць дзяцей, навучыць іх думаць, разважаць, аналізаваць і рабіць дакладныя вывады.
Урокі літаратуры настаўніца будуе крыху інакш, таму што ўпэўнена: гэтыя заняткі не толькі даюць веды, але і спрыяюць выхаванню дзяцей. Асноўнае ў правядзенні заняткаў па літаратуры для Марыны Паўлаўны — не пакінуць навучэнцаў раўнадушнымі. Даволі часта яна праводзіць урокі ў форме падарожжаў, экскурсій, праектаў, дыскусій, спектакляў, каб пачуць дзяцей, іх думкі, перажыванні, даць дзецям магчымасць выказацца.
— Такія ўрокі назаўсёды застаюцца ў памяці вучняў. І калі я бачу зацікаўленыя вочы дзяцей, то разумею, што працую недарэмна. Але калі сказаць, што ўсё заўсёды ідзе гладка і атрымліваецца, то гэта будзе няшчыра. З кожным годам назіраю, як зніжаецца цікавасць да чытання твораў беларускай літаратуры. Расце колькасць навучэнцаў, якія чытаюць кнігі ў кароткім змесце. Мастацкі тэкст страчвае для іх сваю пазнавальную функцыю. Паўплываць на сітуацыю спрабую праз сістэмнае выкарыстанне візуалізацыі. Разам з вучнямі мы ствараем віртуальныя музеі, галерэі і выставы, трэйлеры і буктрэйлеры, рэкламныя ролікі і афішы. Практыкуем таксама ўжыванне інтэлект-карт і таймлайнаў. Гэтыя метады дапамагаюць абудзіць у дзяцей цікавасць да чытання, вучаць іх разумець ідэю твора, бачыць слова, тую думку, якой прасякнуты тэкст, — адзначыла Марына Верам’ёва.
Адметна, што са сваімі вучнямі Марына Паўлаўна сустракаецца не толькі на занятках, але і ў пазаўрочны час. Акрамя выкладання, педагог займаецца яшчэ і класным кіраўніцтвам. Разам з навучэнцамі яны ўдзельнічаюць ва ўсіх ліцэйскіх мерапрыемствах, ладзяць святы, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры, сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі, тэматычныя квесты і квізы. А яшчэ — арганізуюць у ліцэі правядзенне дзён беларускай мовы пад агульным дэвізам “Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску”.
— Свята роднай мовы заўсёды праходзіць у цёплай атмасферы яднання. Такія мерапрыемствы спрыяюць далучэнню дзяцей да беларускасці, родных вытокаў, выхоўваюць у іх патрыятызм, пашыраюць веды пра свой народ і дзяржаву, — падкрэсліла Марына Верам’ёва.
Важнае месца ў педагагічнай дзейнасці Марыны Паўлаўны займае работа з адоранымі вучнямі. З кожным сваім алімпіяднікам яна працуе ў класе і на факультатывах, дыстанцыйна, у парах і групах. Дзякуючы ўласнай захопленасці роднай мовай і літаратурай і ўменню захапіць прадметам навучэнцаў, у яе добра атрымліваецца раскрываць дзіцячыя таленты. Марына Верам’ёва падрыхтавала 12 пераможцаў трэцяга і 6 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Выдатныя вынікі яе навучэнцы дэманструюць і на цэнтралізаваным тэсціраванні.
Даволі часта Марына Паўлаўна праводзіць урокі ў форме падарожжаў, экскурсій, праектаў, дыскусій, спектакляў, каб даць дзецям магчымасць выказацца.
Плённая праца Марыны Паўлаўны неаднаразова была адзначана на розных узроўнях. Уласныя дасягненні, як і дасягненні вучняў, вядома, радуюць настаўніцу.
— Вельмі натхняюць мяне не толькі поспехі вучаніц-“беларусачак”, але і маіх дачок. Я зразумела, што мая праца не была марнай, калі старэйшая дачка Лізавета тройчы стала пераможцай заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Малодшая дачка Арына таксама мае прыхільнасць да беларускай мовы і ўжо двойчы станавілася дыпламантам на гарадскім этапе. Гэта стала штуршком для таго, каб больш актыўна заняцца работай з адоранымі дзеткамі. Знаёмства з цудоўнымі настаўнікамі, таленавітымі выкладчыкамі ўніверсітэта, пастаянны пошук матэрыялаў, канферэнцыі, зборы… Усё гэта захапіла. Ужо два разы была кіраўніком каманды Магілёўскай вобласці на заключным этапе республіканскай алімпіяды і ганаруся вынікамі нашых таленавітых вучняў. Сёлета яны заваявалі 12 пераможных дыпломаў. Вызначыліся і мае навучэнкі: Софія Пушкіна была ўзнагароджана дыпломам І ступені, Настасся Мурашкіна — ІІ ступені, — падзялілася Марына Верам’ёва.
Значным вынікам сваёй шматгадовай працы Марына Паўлаўна лічыць і ўдзячных выпускнікоў, якія памятаюць і падтрымліваюць пастаянную сувязь са сваёй любімай настаўніцай. А яна заўсёды сардэчна віншуе іх з асабістымі жыццёвымі перамогамі, бо бачыць у іх і свой маленькі ўклад.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.