ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
22.02.2024 “Мова – гэта душа нацыі”... Менавіта таму ўжо больш за 20 гадоў ва ўсім свеце 21 лютага адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы.
Вось і ў нашым ліцэі ўжо традыцыйна ў гэты дзень прайшло сапраўднае свята мовы! Дзень быў насычаны музыкай, вершамі, ветлівымі і любімымі беларускімі словамі, спевамі і ... танцамі.
Музычна-паэтычная раніца была прысвечана паэту-юбіляру Магілёўшчыны Аркадзю Куляшову. Цытаты і малюнкі на вершы паэта знайшлі свой адбітак на “Планеце паэзіі”. На кожным перапынку ліцэісты змаглі адчуць на сабе рытмы беларускага танца – “Полька”, “Лявоніха”, “Мяцеліца”, “Таўкачыкі”, – стаўшы ўдзельнікамі танцавальнага батла. Скончыўся ж дзень гучнымі спевамі.
У такі дзень дакладна ачуваеш, што “мова – гэта стан душы”...