На максимуме!

06.04.2022

У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве прынялі ўдзел 42 вучні 11 класа і 38 вучняў 10 класа. Спаборніцтвы праходзілі на базе гімназіі № 7 Мінска.

—Заданні ­тэарэтычнага і практычнага тура алімпіяды былі складзены ў рамках школьнай ­праграмы і прадугледжвалі разгорнутыя пісьмовыя адказы на творчыя заданні і выкананне тэстаў, — расказаў старшыня журы Аляксандр Дзядзінкін, дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. — Прапаноўваліся заданні, звязаныя з Годам гістарычнай памяці. Напрыклад, трэба было запісаць словы гімна Беларусі, прычым даслоўна. Ад вучняў патрабавалася добра разбірацца ў культуры і традыцыях беларусаў, як язычніцкіх, так і хрысціянскіх, пытаннях нацыянальнай самасвядомасці і яе гістарычнага развіцця. Традыцыйна былі заданні па эканоміцы, прававой сістэме, крымінальным праве і г.д. Вучні дэманстравалі ўменні разважаць, магчымасці сваёй памяці, лагічнага і вобразнага мыслення. Многія заданні суправаджаліся маляўнічымі ілюстрацыямі. Напрыклад, на малюнку была выява чалавека, да якой прымацаваны дом, і трэба было вызначыць, што гэта можа значыць. Па тых думках, якія школьнікі выказвалі ў пісьмовай форме, журы адзначыла, што ўсе ўдзельнікі алімпіяды — сапраўдныя патрыёты сваёй краіны. Якасць заданняў была высокая. Журы карэктываў у іх не ўносіла, і апеляцый ад вучняў па выніках спаборніцтваў не паступала. Усе дзеці цудоўна справіліся з работай. Лепшыя з лепшых атрымалі дыпломы.

Ад “спадзяюся, што гэта больш ніколі не паўторыцца” да “мару ў наступным годзе паўдзельнічаць у аналагічнай алімпіядзе” — такім быў спектр эмоцый, якімі дзяліліся ­ўдзельнікі інтэлектуальных спаборніцтваў, не хаваючы слёз радасці, а недзе і расчараванняў. Магчымасць яшчэ двойчы далучыцца да алімпіяднага руху дакладна будзе ў вучаніцы 9 класа гімназіі Петрыкава Ганны Ганчар, якая сёлета выступала за 10 клас і атрымала дыплом І ступені. 

“З першых хвілін я ўлюбілася ў прадмет “Грамадазнаўства“. ­Удзельнічаць у алімпіядах пачала з 8 класа, — гаворыць Аня. — Вялікую ролю ў маёй падрыхтоўцы і маім поспеху адыграла настаўніца Галіна Туравец. Яна заўсёды настройвала на тое, што трэба ста­віць перад сабой самыя высокія мэты. Але пры гэтым не дапус­каць эмацыянальнага выгарання, у працэсе падрыхтоўкі да алімпіяды знаходзіць час на адпачынак”. 

Як запомніць вялікі аб’ём інфармацыі пры падрыхтоўцы да алімпіяды?
Сваімі спосабамі падзяліліся ўдзельнікі спаборніцтваў.
1. Прагаворваць матэрыял уголас. 2. Пісаць ад рукі канспекты. 3. Выкарыстоўваць (самім ствараць) гульні, карткі, пазлы па змесце вучэбнага матэрыялу. 4. Занатоўваць інфармацыю блокамі, у выглядзе схем. 5. Класічнае завучванне на памяць таксама дапамагае (толькі не бяздумнае). 6. Рабіць прэзентацыі па тэме. 7. Паўтарэнне, і яшчэ раз паўтарэнне. Калі дзесяць разоў убачыш — запомніш. 8. Не вучыць, калі вельмі стомлены.

Яшчэ адзін пераможца алімпіяды (дыплом ІІ ступені) — вучань 9 класа гімназіі Нясвіжа Мікалай Урыцкі — расказаў, што цікавасць да грамадазнаўства ўзнікла ў яго з любові да гісторыі, у многім дзякуючы педагогу Таццяне Кабанавай. У 8 класе Мікалай ужо атрымаў дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі. “Выбіраючы паміж двума гэтымі прадметамі, я спыніўся на грамадазнаўстве, паколькі яго неабходна здаваць пры паступленні на спецыяльнасці, да якіх у мяне ляжыць душа”, — адзначыў юнак.

“Першапачаткова я была алімпіядніцай па англійскай мове, але настаўніца Надзея Агеева вельмі захапіла грамадазнаўствам, — адзначае вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі Алеся Стук (дыплом І ступені). — У мінулым го­дзе я ўжо прымала ўдзел у рэспубліканскім этапе алімпіяды па гэтым прадмеце. Вынікаў не дасягнула, але гэта мяне не спыніла. У будучыні бачу сябе ў юрыспрудэнцыі”.

Максімальную колькасць балаў па выніках спаборніцтваў у 11 класе набрала Вольга Гаціла, вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3. “Спачатку я зацікавілася гісторыяй. Але адбылося гэта толькі ў 9 класе пасля знаёмства з настаўніцай Юліяй Аврамавай, — гаворыць Вольга. — Літаральна за паўгода дасканала асвоіла ўвесь курс. Педагог адправіла мяне на алімпіяды як па гісторыі, так і па грамадазнаўстве. У мінулым годзе я атрымала дыплом І ступені на рэспубліканскім узроўні па грамадазнаўстве. Са стрэсам, які суправаджае ­ўдзел у алімпіядным руху, дапамог справіцца ліцэйскі псіхолаг, які раіў не параўноўваць сябе з іншымі і думаць толькі пра свой вынік, паказваць свой максімум”. 

Максімальную колькасць балаў у 10 і 11 класах і дыпломы І ступені атрымалі (адпаведна) Дзіяна Озерава, вучаніца гімназіі № 8 Віцебска, і Вольга Гаціла, вучаніца Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3. Дыпломы І ступені таксама атрымалі ў 10 класе Паліна Сазонава з гімназіі № 2 Віцебска, Глеб Бераг з Ліцэя БДУ і Ганна Ганчар з гімназіі Петрыкава, а ў 11 класе Яўгенія Сцяпанава з сярэдняй школы № 3 Пінска, Алеся Стук з сярэдняй школы № 12 Віцебска імя Л.М.Філіпенкі і Ксенія Раманава з ліцэя № 1 Гродна. 

Спецыяльным прызам мі­ністра адукацыі Рэспублікі Беларусь адзначана Юлія Драздова, вучаніца 10 класа Стрэшынскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна. Прыз мэра Мінска атрымала Віялета Шайко, вучаніца 10 класа гімназіі № 37 Мінска. Чатыры дыпломы заваявалі навучэнцы Ліцэя БДУ.  

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара

https://nastgaz.by/na-maksimume/