Книжная полка "Найпершае кніжнае свята"

05.09.2025

XXXII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Лідзе 6—7 верасня і стане маштабным культурным святам, якое аб’яднае літаратуру, гісторыю і мастацтва. Праграма насычаная і разнастайная, ахоплівае дзясяткі лакацый, прапануе гасцям удзел у сотнях падзей, прысвечаных беларускай мове, кнізе і нацыянальнай памяці. Дзень пісьменства — гэта не толькі свята літаратуры, але і глыбокі дыялог з гісторыяй. Удзел больш чым сотні пісьменнікаў, выданне новых кніг, творчыя сустрэчы і тэматычныя выставы ствараюць унікальную атмасферу, дзе слова становіцца цэнтрам грамадскага жыцця.

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.

 

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

 

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з'яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

У 2025 годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства будзе Ліда (Гродзенская вобласць). У гэтым старажытным горадзе захаваўся сярэдневяковы замак-кастэль – унікальны помнік абарончага дойлідства XIV ст.

 

 Ураджэнцамі Лідскага краю з'яўляюцца яркія асобы беларускай культуры, сярод якіх паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, пісьменнік Віктар Праўдзін і многія іншыя. Сваё імя ў гісторыю горада і ўсёй краіны назаўсёды ўпісаў Валянцін Таўлай – таленавіты паэт і літаратуразнавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, разведчык, рэзідэнт партызанскага штаба на службе ў нямецкіх акупацыйных улад і кіраўнік антыфашысцкай агентурнай сеткі на захопленых ворагам тэрыторыях. У Лідзе ён вучыўся ў школе, пазней працаваў у рэдакцыях газет. На жаль, жыццё паэта абарвалася вельмі рана – у 33 гады. Сёння ў горадзе працуе Дом Валянціна Таўлая – філіял Лідскага дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея, а ў Дзень беларускага пісьменства будзе адкрыты помнік майстру слова і сапраўднаму патрыёту.

поделиться в: