Выставка-портрет "Рыгор Барадулін - майстр-ювелір слова"

Нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін на хутары Верасоўка ў сямі рабочага 24 лютага 1935 года на страражытна-слыннай Полаччыне, у лясной Ушаччыне. Верасоўка. Верасовачка... Сапраўды мілагучная назва той мясціны, дзе паэт нарадзіўся, дзе пачуў матчыну песню, матчыну мову, дзе ўпершыню пераступіў парог матчынай хаты. Адсюль, з ушацкага прыстанку, была ўзята пуцёўка на вучобу ў Мінск, на далёкія цалінныя землі, на працу, на жыццё. Вайна цяжкімі вогненна-трагічнымі зломамі ўвайшла ў лёс Барадуліна. Бацька Іван Рыгоравіч партызаніў у брыгадзе Мельнікава, загінуў у баі. Маці Акуліне Андрэеўне вайна пакінула ўдовіна гора, цяжар нястач, а падлетку Грышку - незагойны боль сіроцтва. Душыла яго малества нішчымніца, бясхлебіца. У сярэдняй школе запаланіла паэзія - памяць схоплівала і трымала ўсё, да чаго ляжала душа. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1954 - 1959) пачынае публікавацца; пасля заканчэння БДУ працаваў у рэдакцыях газеты Советская Белоруссия, часопісаў Бярозка, Беларусь, Полымя. З 1972 г. працуе ў выдавецтве Мастацкая літаратура. Выступае ў друку з 1953 года. Выдаў зборнікі паэзіі Маладзік над стэпам у 1959 пасля паездкі разам з аднакурснікамі на збор ураджаю ў Кустанайскую вобласць, Рунець, красаваць, налівацца (1961), Нагбом (1963), Неруш(1966), Адам і Ева (1968), Вяртанне ў першы снег (1972), Рум (1974), Абсяг (1978), Вечалле (1980), Амплітуда смеласці (1983), Маўчанне перуна (1986), Самота паломніцтва (1990), Міласэрнасць плахі (1992), Евангелле ад Мамы (1995), творы сатыры і гумару і інш. Рыгор Барадулін - член Партыі БНФ, член Сойма БНФ (з 1989). У 1995-1997 быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса. Ён дзейны член СБП, адзін са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтру (1989-1999, прэзідэнт з 1990, віцэ-прэзідэнт з 1999).

Барадулінская паэзія - гэта перш за ўсё паэзія факта. Ён умее быць і легкадумна-гарэзным, і высокаўсхваляваны, і трагічна ўзрушаным. Адчуваецца вялікая эрудыцыя аўтара, глыбокае разуменне жыцця, страснасць натуры. Творчасць Рыгора Барадуліна - гэта споведзь душы, споведзь шчырая, гарачая, сыноўняя. Яго лірыка - шчырая размова, паэтычны раздум пра родную краіну, пра волю, пра савіх продкаў, генетычных і гістарычных. Мы адчулі, што паэт імкнецца стварыць свой паэтычны свет; адчулі барадулінскую рыфму, гуказапіс, метафарызм, што з′ яўляецца апазнавальным пашпартам асобы паэта. На прыкладзе сваёй паэзіі ён паказаў невычэрпныя магчымасці роднай мовы. Творы яго, захоўвачы сакавітую і найлагоднейшую матчыну мову, вучаць высокай праўдзе, справядлівасці, дабру і чалавечнасці.

У бібліятэке ліцея аформлена выстава-партрэт “Рыгор Барадулін – майстар-ювелір слова”, дзе можна даведацца пра жыццевы лес паэта і дакрануцца да яго творчасці, прачытаўшы яго творы.

поделиться в: