Выставка-портрет "Аляксей Пысін: жыццё і творчасць"

АЛЯКСЕЙ ВАСІЛЬЕВІЧ ПЫСІН (1920, Краснапольскі р-н – 1981) – паэт, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны работнік культуры БССР (1980), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1968).

Аляксей Васільевіч Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацькі, Васiль Пятровiч і Хрысцiна Рыгораўна, займалiся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлi дзiцячыя i школьныя гады Аляксея Пысiна. Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы (1938) А. Пысiна, як актыўнага селькора, райком камсамола накiраваў на вучобу ў Мiнскi камунiстычны iнстытут журналiстыкi. У вераснi 1939, пасля ўз’яднання Усходняй i 3аходняй Беларусi, яго, тады студэнта другога курса, накiравалi на працу ў бельскую (г. Бельск на Беласточчыне) павятовую, пасля раённую газету, дзе ён быў лiтсупрацоўнiкам да пачатку Вялiкай Айчыннай вайны.

Па дарогах вайны ў шынэлі і касцы прайшло яго юнацтва. Гвардыі радавы Пысін прайшоў усю вайну сувязістам. Удзельнічаў у баях на пяці франтах: Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём “За адвагу”, салдат Пысін сустрэў Дзень Перамогі ў Латвіі, на беразе Балтыйскага мора. Вайна пакінула незабыўны след у памяці паэта. Цэнтрам яго творчасці з’яўляецца вайна. Дэмабілізаваўшыся з арміі, да 1948 года А. Пысін працаваў адказным сакратаром Краснапольскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Ён друкаваў першыя пасляваенныя вершы ў часопісах “Вожык”, “Беларусь”, газеце “Літаратура і мастацтва”. З 1949 па 1950 гады быў уласным карэспандэнтам Магілёўскай абласной газеты “За Радзіму”, а з мая 1950 года працаваў рэдактарам у палітаддзеле Свержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобласці. У 1950 годзе Аляксея Васільевіча Пысіна прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў СССР. Першая кніга Аляксея Пысіна “Наш дзень” выйшла ў свет у 1951 годдзе. З 1954 года Аляксей Пысін працаваў рэдактарам Чэрыкаўскай раённай газеты “Сацыялістычная перамога”. Добрай школай паэтычнага выхавання сталі для Аляксея Васільевіча Пысіна Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, на якія ён паступіў у 1956 годзе. Пасля заканчэння, ў 1958 годзе, літаратурных курсаў Аляксей Пысін, да выхаду на пенсію, жыў у Магілёве і працаваў у рэдакцыі газеты “Магілёўская праўда”. Аб настойлівай вучобе і крапатлівых творчых пошуках сведчаць зборнікі вершаў паэта “Сіні ранак” (1959 г.), “Сонечная паводка” (1962 г.) і першая кніга для дзяцей “Матылёчкі-матылі” (1962 г.). Потым былі зборнікі вершаў “Мае мерыдыяны” (1965 г.), “Твае далоні” (1967 г.), “Пойма” (1968 г.), “Да людзей ідучы” (1972 г.), “Вярбовы мост” (1974 г.), “Ёсць на свеце мой алень” (1978 г.), “Палёт” (1984 г.)

За зборнік вершаў і паэм “Твае далоні” ў 1968 годзе Аляксею Васільевічу Пысіну была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы. Праз некаторы час паэт атрымаў прапанову пераехаць у Мінск, але, пасля нядоўгіх разважанняў, застаўся ў Магілёве, які стаў яму родным горадам.

З 1973 года Аляксей Пысін працаваў у рэдакцыі абласной газеты “Магілёўская праўда”. Не абышоў сваёй увагай Аляксей Васільевіч і дзяцей. Дзівосны і шматфарбны свет адкрываецца дзецям на старонках яго кніг “Матылёчкі-матылькі” (1962 г.), “Вясёлка над плёсам” (1964 г.), “Колькі сонцаў” (1979 г.), у паэмах “Кавылёк” (1966 г.) і “Дзяўчынка Марыям” (1970 г.). З 1974 года і да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Лепшыя вершы і паэмы Аляксея Васільевіча Пысіна сабраны ў кнігах “Вярбовы мост” (1974 г.), “Ёсць на свеце мой алень” (1978 г.), “Палёт” (1982 г.).

У 1980 годдзе Аляксей Васільевіч Пысін атрымаў званне заслужанага работніка культуры БССР, а ў 1981 быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Пяру А. Пысіна належыць больш за дваццаць кніжак паэзіі. У 1989 годзе быў выдадзены збор твораў у двух тамах. У яго ўвайшлі ўсе вершы са зборнікаў, паэмы, некаторыя творы для дзяцей і пераклады. 27 жніўня 1981 года Аляксея Васільевіча Пысіна не стала. Ён пахаваны ў Магілёве на Польскіх могілках.

У бібліятэке ліцэя аформлена кніжная полка “Аляксей Пысін: жыццё і творчасць”, дзе можна пазнаёміцца з біяграфіей паэта і яго творамі.

поделиться в: